BE RU EN

Шольц: Нямеччына прадоўжыць падтрымліваць Украіну

  • 21.02.2025, 20:11

Канцлер ФРГ патэлефанаваў Зяленскаму.

У пятніцу, 21 лютага, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.

Пра гэта паведамляецца на сайце ўраду ФРГ.

«Сёння днём канцлер Шольц размаўляў праз тэлефон з прэзідэнтам Украіны Зяленскім і абмеркаваў з ім актуальную ваенную і гуманітарную сітуацыю, а таксама шляхі дасягнення справядлівага міру ва Украіне. Канцлер пацвердзіў нязменную і непахісную салідарнасць з Украінай», – расказаў прадстаўнік федэральнага ўраду Штэфен Гебештрайт.

Адзначаецца: Шольц запэўніў Зяленскага, што Нямеччына прадоўжыць падтрымліваць Украіну ў цеснай каардынацыі з еўрапейскімі і міжнароднымі партнёрамі да дасягнення справядлівага, усёабдымнага і трывалага міру.

У сваю чаргу прэзідэнт Зяленскі падзякаваў Нямеччыне за нязменную ваенную і фінансавую падтрымку.

Абодва лідары пагадзіліся, што Украіна павінна быць за сталом перамоваў пра мір і што пытанні еўрапейскай бяспекі павінны абмяркоўвацца разам з еўрапейцамі.

Таксама, як расказаў прадстаўнік ураду ФРГ, Шольц і Зяленскі пацвердзілі неабходнасць цеснай каардынацыі паміж Украінай і яе найбліжэйшымі партнёрамі.

Нагадаем, што раней канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заявіў, што Украіну нельга пакідаць у адзіноце.

Апошнія навіны