Ва Украіне прэзентавалі айчынную крылатую ракету «Трэмбіта»
- 21.02.2025, 16:46
Яна здольная развіваць хуткасць да 400 км/г і ляцець на адлегласць да 200 км.
Ва Украіне прадставілі айчынную крылатую ракету «Трэмбіта» на выставе Brave1 Defense Tech Innovations Forum 2025. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства цыфравізацыі Украіны.
«Правялі маштабную выставу абаронных тэхналогій, дзе прадставілі сотні геймчэнджэраў вайны - ад БПЛА і РЭБ да ракет і трэніровачных сістэм для вайскоўцаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама 29 каманд прэзентавалі праекты перад сусветнымі фундатарамі. Сярод самых цікавых - інструмент на базе ШІ для аналізу фота з БПЛА і праграмнае забеспячэнне для паляпшэння эфектыўнасці знішчэння цэлі агнявымі сродкамі.
Раней журналісты The Economist паведамілі, што Украіна ўжо паўтара года працуе над стварэннем уласнай ракеты «Трэмбіта». Паводле інфармацыі журналістаў, яна здольная развіваць хуткасць да 400 км/г і ляцець на адлегласць да 200 км. Пры гэтым распрацоўваецца таксама вялікая і больш магутная мадэль, якая «зможа даляцець да Масквы».