Вытворцу сыркоў у Беларусі забаранілі пісаць на пакаванні дзве літары
- 21.02.2025, 16:13
Аб пастанове паведаміў МАРГ.
Міліцыя прапанавала аднаму з беларускіх вытворцаў змяніць назву глазураваных сыркоў праз выкарыстанне абрэвіятуры SS, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Як растлумачылі ў МАРГ, спачатку ў гэтае ведамства паступіў зварот ад пільнага грамадзяніна. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі выпускаюць глазураваныя сыркі пад назвай «ДэSSэрт вішнёвы браўні».
МАРГ паведаміў пра гэта міліцыі. Пытанне выкарыстання літар SS у згаданай назве ўзнімалася на пасяджэнні Гарадзенскай абласной камісіі ў правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі.
«Пасля разгляду органамі ўнутраных спраў вытворцу накіраваная прапанова аб змене назвы названай прадукцыі. Паводле наяўнай інфармацыі вытворчасць глазураваных сыркоў з такой назвай прыпыненая», - адзначылі ў МАРГ.