Еўропа надумала павялічыць імпарт газу ў абыход Крамля
- 21.02.2025, 14:18
Расея застанецца без даходаў.
Еўрапейскі Звяз будзе шукаць магчымасці павялічыць закуп газу з іншых краін, сярод іншага з ЗША, каб замяніць расейскія пастаўкі.
Аб гэтым заявіў камісар ЕЗ у пытаннях ээргетыкі Дэн Ёргенсэн, піша Reuters. ЕЗ паабяцаў адмовіцца ад расейскага выкапнёвага паліва да 2027 года ў адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну ў 2022 годзе.
"Замест таго, каб выкарыстоўваць грошы падаткаплатнікаў, грошы грамадзян, каб плаціць за газ, даходы ад якога ідуць у вайсковую скарбонку Пуціна, мы павінны пераканацца, што мы вырабляем уласную энэргію", — падкрэсліў Ёргенсэн.
Камісар ЕЗ зазначыў, што Брусель рыхтуе змяненні ў правілы выдачы дазволаў, каб паскорыць будаўніцтва аб'ектаў аднаўляльнай энэргетыкі.
А наконт прамысловасці і ацяплення дамоў, дзе газ не могуць хутка замяніць электраэнэргіяй, Ёргенсэн сказаў, што ЕЗ актывізуе намаганні ў пошуку альтэрнатыўных крыніц забеспячэння.
«Мая праца палягае ў тым, каб пераканацца, што гэта будзе танна і не з Расеі. Патрэба ў газе ўсё адно будзе, і нам давядзецца шукаць іншыя крыніцы, акрамя Расеі, што таксама можа азначаць большы імпарт з ЗША», - дадаў ён.