BE RU EN

Памерла вядомая прапагандыстка-лукашыстка Ніна Чайка

  • 21.02.2025, 10:32

Яна ўсхваляла Лукашэнку і ўдзельнічала ў цкаванні Васіля Быкава.

Вядомая ў мінулым прапагандыстка Ніна Чайка памерла ва ўзросце 85 гадоў. Гэта адбылося яшчэ 9 лютага, як паінфармаваў праўладны Беларускі саюз журналістаў. Паведамленне апублікавалі некаторыя расейскія СМІ, але ў беларускіх яно прайшло незаўважаным, піша «Зеркало».

Ніна Чайка нарадзілася ва Усурыйску Прыморскага краю Расеі ў сям'і вайскоўца, якога пасля Другой сусветнай вайны перавялі ў Беларусь. Скончыла журфак БДУ і больш за 50 гадоў працавала ў Белтэлерадыёкампаніі: узначальвала маладзёжныя рэдакцыі спачатку радыё, потым - тэлевізіі, а ў пачатку 1990-х гадоў на тэлевізіі ўзначаліла рэдакцыю навукова-папулярных і навучальных праграм, затым - рэдакцыю літаратурна-драматычных праграм Беларускага радыё. У 2002-2008 гадах Чайка была галоўнай рэдактаркай літаратурнага часопіса "Нёман", затым амаль тры гады – намесніцай галоўнага рэдактара часопіса "саюзнай дзяржавы" "Белая вежа".

У дзевяностыя гады Ніна Чайка на "Першым нацыянальным канале" радыё вяла ў жывым эфіры гадзінную праграму "Размова па сутнасці", у якой усхваляла Аляксандра Лукашэнку і ўсяляк крытыкавала нязгодных з ім людзей. У тым ліку класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава, які тады актыўна падтрымліваў БНФ і апанаваў уладам, а таму стаў аб'ектам цкавання ў дзяржаўных СМІ. Гэтая сітуацыя прымусіла яго эміграваць у паважным веку, і ў 2003-м Быкаў памёр ад анкалагічнага захворвання.

«Крок» і іншыя перадачы моладзевай рэдакцыі тэлевізіі, якія ў канцы 80-х гадоў збіралі мільённую аўдыторыю дзякуючы сваёй вастрыні, дэмакратычнасці, — у 1992 годзе ператварыліся ў рупар антынезалежніцкіх, антыбеларускіх сілаў. З экрана гучалі абразы і здзекі ў бок беларускай мовы, сама дзяржаўнасць беларускай мовы высмейвалася, права Беларусі быць суверэннай краінай ставілася пад сумнеў. Кіравала рэдакцыяй Ніна Чайка – прыхільніца чарнасоценнага «славянскага сабора Белая Русь». У пачатку 2000-х яна будзе галоўнай рэдактаркай часопіса «Нёман» які надрукуе гнюсны тэкст супраць Васіля Быкава, і я ў Празе буду сведкам, як падарве гэтая публікацыя здароўе Васіля Уладзіміравіча ў апошнія месяцы ягонай жыцця», — пісаў журналіст Сяргей Навумчык.

Апошнія навіны