«Бясплатна залечаць, як на будоўлі»
- 21.02.2025, 9:28
Беларуска тры месяцы не можа патрапіць у "нармальную" стаматалогію.
Карыстальніца з мянушкай Evgenia Stepanova абурылася ў TikTok, як складана запісацца на прыём да добрага стаматолага ў Менску. Праўда, большасць беларусаў з ёю не пагадзіліся і параілі схадзіць у дзяржаўную стаматалогію, піша CityDog.io.
Мянчанка ў відэа падзялілася, што нядаўна ў яе выпала пломба і яна разлічвала хутка патрапіць да лекара. Аднак у большасці прыватных клінік, паводле ейных слоў, найбліжэйшы запіс быў даступны толькі праз некалькі месяцаў. У той жа час стаматалогіі, дзе няма чэргаў, яе не прывабліваюць праз якасць паслуг.
«Чаму такая розніца? У адных клініках запіс толькі праз паўгода, а ў іншых - адразу, але з сумнеўнай рэпутацыяй. Можа, час ужо не маўчаць і нешта з гэтым рабіць?» - абураецца дзяўчына.
Мянчанка таксама адзначыла, што пры лячэнні з мікраскопам толькі за адзін зуб давядзецца аддаць 1 120 рублёў. Аднак акрамя яго ёй таксама трэба палячыць 4 каналы. У сваім відэа яна абураецца, што як у прыватных, так і ў дзяржаўных стаматалогіях "цэны аднолькавыя". І трэба гэта неяк рэгуляваць.
Нагадаем, у 2023 годзе ўлады падвысілі кошты на стаматалагічныя паслугі амаль на 30%. Аб гэтым было вядома з апублікаванага дакумента на pravo.by. Даражэйшымі сталі артапедычныя і зубатэхнічныя паслугі, а таксама прамянёвая дыягностыка (рэнтгенаўскія здымкі зубоў).
У Міністэрстве аховы здароўя такое падвышэнне коштаў тлумачылі тым, што ў апошні раз гранічныя рэгуляваныя тарыфы ў стаматалогіі падвышаліся ў 2021 годзе на 4%, у выніку чаго некаторыя паслугі, са слоў ведамства, сталі стратнымі.
У каментарах пад відэа меркаванні карыстальнікаў падзяліліся. Адны падтрымалі дзяўчыну, іншыя запэўніваюць, што ніякіх цяжкасцей з запісам няма.
“Ну якіх тры месяцы чакаць? Што за жах? Я надумала схадзіць да стаматолага, паглядзела, на калі запіс - можна было праз тыдзень ісці. Але ж мне не гарыць, я запісалася на зручны час”, - напісала карыстальніца з мянушкай Nika777.
“Лячу ў паліклініцы сваёй і вельмі задаволены. А вы і далей пераплачвайце і чакайце тры месяцы”, - параіў P.M.
“Бясплатна палечаць, як на будоўлі, - высвідруюць дзіркі і замажуць, як цэментам. Добра, што вы задаволеныя і вас задавальняе”, - так адказала каментатару аўтарка роліка.