Рэспубліканцы пачалі жорстка адказваць на словы Трампа пра Украіну
- 20.02.2025, 12:42
Прэзідэнта ЗША крытыкую яго ж аднапартыйцы.
Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі актыўна абмяркоўваюць у сеціве скандальныя заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб неабходнасці правядзення выбараў ва Украіне, рэйтынг прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і расейскую агрэсію. Сайт New Voice сабраў рэакцыю прадстаўнікоў рэспубліканцаў.
Былы віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс раскрытыкаваў заявы Трампа, адзначыўшы, што поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну пачала менавіта Расея.
“Пан прэзідэнт, Украіна не „пачынала“ гэтую вайну. Расея пачала несправакаванае і жорсткае ўварванне, якое забрала сотні тысяч жыццяў. Дарога да міру павінна быць закладзеная на праўдзе. Расея ўварвалася ва Украіну падчас найбуйнейшага еўрапейскага нападу з часоў Другой сусветнай вайны”, - адзначыў ён.
Такой жа думкі прытрымліваецца кангрэсмэн-рэспубліканец і адстаўны генерал Дон Бэйкан.
“(Расейскі дыктатар Уладзімір - рэд.) Пуцін пачаў гэтую вайну. Пуцін усыніў ваенныя злачынствы. Пуцін - дыктатар, які забіваў сваіх апанентаў. Краіны ЕЗ далі Украіне больш дапамогі. Зяленскі мае больш за 50% галасоў. Украіна хоча быць часткай Захаду, Пуцін ненавідзіць Захад. Я не прымаю падвойнае мысленне Джорджа Оруэла”, - падкрэсліў ён у сацсетцы X.
Кангрэсмэн-рэспубліканец Майк Лоўлер назваў Уладзіміра Пуціна "брыдкім дыктатарам і галаварэзам", які супольна з Кітаем і Іранам працуе над тым, каб падарваць і дэстабілізаваць ЗША, Еўропу, Ізраіль і свабодны свет.
Лоўлер падкрэсліў, што падтрымлівае намаганні, накіраваныя на заканчэнне вайны ва Украіне. Аднак, паводле ягоных слоў, усялякая дамова, накіраваная на дасягненне міру, павінна ўключаць Украіну за сталом перамоў, а таксама “абараняць яе структурны суверэнітэт і суверэнітэт яе суседзяў”.
Сэнатар ад штата Місісіпі Роджэр Уікер мяркуе: “Давяраць Пуціну нельга. Гэта ваенны злачынец, які парушыў усе нормы міжнароднага права. Яго варта прыцягнуць да адказнасці, пасадзіць у турму, і, магчыма, пакараць смерцю”.
Са слоў сэнатара Ліндсі Грэма, гісторыя навучыла, што “супакаенне агрэсіі прыводзіць да яшчэ большай агрэсіі”.
“Чэмберлен з Гітлерам, Байдэн і Абама з Пуціным. Я ўпэўнены, што прэзідэнт Трамп закончыць вайну ва Украіне хутка і такім чынам, які стрымае будучую агрэсію”, - мяркуе ён.