Мянчанка выліла воцат на галаву нявернаму мужу
- 18.02.2025, 11:11
Цяпер яна не можа выехаць з краіны.
Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як жанчына вярнулася дадому з унучкай з турыстычнай паездкі і заспела свайго мужа з палюбоўніцай у гасцёўні. Падрабязнасці паведамляе выданне "Минск-Новости" са спасылкай на прэс-канферэнцыю пракуратуры Партызанскага раёна.
Эмоцыі ашуканай жанчыны ўзялі верх. Не разважаючы, яна схапіла бутэльку з воцатам, якая стаяла на кухні, і выліла яе змесціва на галаву мужа. Мужчына пакінуў дом, але неўзабаве вярнуўся з міліцыяй. У выніку медагляду было выяўлена, што яго твар і цела былі апечаныя, плошча апёкаў склала 11 адсоткаў. Жанчына была затрыманая, і крымінальную справу перадалі ў суд.
На 63-гадовую жанчыну з Менска пачалі крымінальную справу паводле абвінавачання ў наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Раней яна праблем з законам не мела. Абвінавачаная працуе звычайнай прыбіральшчыцай у дзяржаўнай установе.
Цяпер ёй пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў з магчымым накладаннем штрафу. Жанчына цалкам прызнала сваю віну, раскаяўшыся ў зробленым. Пакуль што ў якасці меры стрымання ёй была прызначаная падпіска аб нявыездзе.