У рухавік самалёта Belavia трапіла птушка
- 17.02.2025, 21:03
Інцыдэнт здарыўся на маршруце Масква – Берасце.
Шэраг рэйсаў авіякампаніі Belavia 17 лютага затрымліваецца на некалькі гадзінаў, паведамілі ў яе прэс-службе.
Прычынай стала тое, што пры заходзе на пасадку ў рухавік аднаго з самалётаў патрапіла птушка. Гаворка ідзе пра рэйс B2-912 Масква – Берасце.
Embraer 175 не атрымаў бачных пашкоджанняў і прызямліўся шчасна. Але ўсё ж у мэтах бяспекі было пастаноўлена замяніць паветраны карабель.
Так, замест яго выпусцілі Boeing 737. Праз гэта давялося карэктаваць расклад.
У выніку рэйсы B2-913 (Берасце – Масква), B2-914 (Масква – Гомель), B2-915 (Гомель – Масква), B2-916 (Масква – Менск) затрымліваюцца больш чым на чатыры гадзіны.
Belavia прынесла пасажырам шчырыя прабачэнні за сітуацыю, якая склалася.