BE RU EN

У Расеі надзьмулася рэкордная за два дзесяцігоддзі «бурбалка» грашовай масы

  • 17.02.2025, 20:00

50 трыльёнаў «з паветра».

Рэкордныя з часоў СССР выдаткі на войска, раздача грошай кантрактнікам на вайне і трыльённыя ўліванні ў мегапраекты Крамля надзьмулі ў расейскай эканоміцы «бурбалку» грашовай масы, якой яна не бачыла з 2000-х гг., паведамляе The Moscow Times.

Паводле вынікаў 2024 года грашовы агрэгат М2, які ўключае грошы гатоўкай у абарачэнне і ўсе сродкі на банкаўскіх рахунках усіх катэгорый кліентаў, вырас на 19,2% і дасягнуў 117,2 трлн рублёў, вынікае з статыстыкі ЦБ РФ.

Год таму аб'ём рублёў у эканоміцы павялічыўся на 19,4%, у 2022 годзе – на 24,4%, а назапашаным вынікам з пачатку вайны ва Украіне – на 77%. Такіх тэмпаў росту грашовай масы за супастаўны перыяд у Расеі не было з 2009–2011 гг. (Тады М2 «раздзьмуўся» на 86% за тры гады), а такога, каб грашовая маса расла тэмпамі блізу 20% або вышэй за тры гады запар, статыстыка Цэнтрабанка не фіксавала з 2000-х. Для параўнання: у 2020–2021 гг. грашовая маса расла на 13% за год, у 2015–2019 гг – на 9–11%, гэта значыць удвая павольней.

Грашовую напампоўку эканомікі, якая стала на ваенныя рэйкі, прынята параўноўваць з ін'екцыямі стэроідаў. Але ад стэроідаў растуць мышцы, а тое, што адбываецца ў расейскай эканоміцы падобна на «бег пад какаінам», кажа Эліна Рыбакова, старэйшая навуковая супрацоўніца Peterson Institute for International Economics.

За тры гады рублёвай масы ў эканоміцы стала больш на 51 трыльён рублёў, і ў Цэнтрабанку ціха б'юць трывогу. «За апошнія 25 гадоў не было ніводнага эпізоду такога росту за такі кароткі прамежак часу», – скардзіўся ў снежні дырэктар дэпартамента грашова-крэдытнай палітыкі рэгулятара Андрэй Гаган.

З новай рублёвай масы амаль дзве траціны – 31,1 трлн рублёў – асела «на руках» у расейскіх грамадзянаў, вынікае са статыстыкі ЦБ. Яшчэ на 15 трлн рублёў «разбагацелі» кампаніі.

Аднак тавараў пад дадатковыя рублі ў эканоміцы не з’явілася. Аб'ёмы імпарту ($294 млрд у год) застаюцца ніжэйшыя за даваенны 2021 год ($301 млрд), а ўласная вытворчасць шырпатрэбу ідзе са скрыпам. Хоць Расстат даў справаздачу пра рост прамысловасці на 4,6% летась і 4,3% у 2023-м, гэтыя лікі цалкам забяспечаныя ваенна-прамысловым комплексам, у той час як цывільныя галіны стагнуюць апошнія паўтара года, адзначаюць эксперты ЦМАКП.

ЦБ спрабуе стрымаць лавіну не забяспечаных таварамі рублёў, падвышаючы адсоткавую стаўку. Гэта «замыкае лішкі рублёвай масы на рахунках банкаў», тлумачыць галоўны аналітык «Фінама» Аляксандр Патавін. Пакуль стаўкі высокія, людзі захоўваюць грошы на дэпазітах, прадаўжае ён, а ў адваротным выпадку лішак рублёў ліне на спажывецкі рынак, дзе ўжо імкліва разганяецца інфляцыя. Хоць стаўка Цэнтрабанка дасягнула рэкорднага за два дзесяцігоддзі ўзроўню 21% гадавых, тэмпы росту коштаў летась паскорыліся з 7,4% да 9,5%, а на сярэдзіну лютага 2025 года дасягнулі 10%.

Галоўнай крыніцай дадатковых рублёў у эканоміцы сталі самі банкі: за тры гады, паводле звестак ЦБ, яны выдалі 50 трлн рублёў новых крэдытаў, нарасціўшы крэдытны партфель у рублях да 107,5 трлн. З гэтых грошай 36 трлн рублёў пайшло ў карпаратыўнае крэдытаванне, з якога дзве траціны на льготных умовах дасталася звязаным з вайной галінам, ацэньваў раней Крэйг Кэнэдзі, інвестбанкір, які раней займаў пасаду намесніка старшыні рады дырэктараў Bank of America Merrill Lynch. У сутнасці, мяркуе Кэнэдзі, гэта дадатковы, «ценевы ваенны бюджэт» памерам 25 трлн рублёў, які быў кінуты на фінансаванне прадпрыемстваў ВПК, што на тры змены штампуць танкі і снарады для войска ва Украіне.

Выдача пазык неплацежаздольным прадпрыемствам ВПК стварае «перадумовы для сістэмнага крэдытнага крызісу» ў Расеі, мяркуе Кэнэдзі: у канчатковым выніку дзяржаве, магчыма, давядзецца ратаваць як самі абаронныя заводы, так і банкі, якія іх крэдытавалі.

Апошнія навіны