Лукашэнка прапанаваў падзяліць бізнэсоўцаў на касты
- 17.02.2025, 18:33
Будзе пералік "сумленных прадпрымальнікаў".
На сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сфармаваць пералік добрапрыстойных бізнэсоўцаў, піша БелТА.
«Наконт гэтых праверак і іншага. Давайце падумаем аб тым, каб спіс (скласці) прыстойных бізнэсоўцаў. Сумленных. Давайце зробім і апублікуем яго. З'явіліся яшчэ два чалавекі - дададзім. Але дадзім каманду Камітэту дзяржкантролю і іншым, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, і падаткавікі нават, адзін раз на тры гады. Але там павінна быць усё годна. Бо сёння не парушалі, заўтра - парушылі, - сказаў ён. - Мы гатовыя з вашай падачы: вось спіс, я яго падпішу і перадам кантрольным і іншым органам. Ніхто да вас не прыйдзе. Яшчэ дадаліся прыстойныя людзі, якія не парушаюць, да якіх прычапіцца няма да чаго, - мы іх туды дададзім».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў пытанні кантролю прыватнага бізнэсу трэба разумець, што калі размова ідзе аб роўных умовах з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, то і кантроль павінен быць аналагічны.
«Дык мы кантралюем, ды яшчэ як. Ну так і вас будзем кантраляваць, калі вы гэтага заслугоўваеце. Так у кожнай дзяржаве. Але, падкрэсліваю, мы гатовы не кантраляваць. Як дамовімся. Калі вы плаціце падаткі. Гэта - галоўнае. І не будзеце крыўдзіць людзей - звычайных працоўных, сялян, якія ў вас працуюць. Гэта галоўныя дзве ўмовы», - заявіў ён.
«Разам прыдумайце і занясіце мне прапанову. Вось мы і разгледзім гэтае пытанне. Калі нехта не хоча сумленна працаваць, мы вас таксама не пакараем, пакуль не знойдзем за што. Не злоўлены - не злодзей. Не я прыдумаў. Таму падумайце разам, як гэта зрабіць. Але не цапу-лапу. Цапу-лапу нават і не прапануйце нічога», - дадаў Лукашэнка.