У Кіеве экстрана адключаюць святло
- 17.02.2025, 9:58
Электраэнэргія знікае і ў іншых абласцях Украіны.
Экстранныя адключэнні электраэнэргіі ў панядзелак раніцай, 17 лютага, увялі ў Кіеве, а таксама ў Кіеўскай і Днепрапятроўскай абласцях Украіны, паведаміла «Група ДПЭК».
«На каманду Укрэнэрга ў Кіеве, Кіеўскай і Днепрапятроўскай абласцях выкарыстоўваюцца экстраныя адключэнні. У выпадку змен будзем аператыўна вас інфармаваць», - заявілі ў кампаніі.
Таксама на загад НЭК «Укрэнэрга» а 8:30 графікі аварыйных адключэнняў былі ўведзеныя ў Сумскай вобласці, паведаміла Сумская гарадская рада.
Пазней у НЭК «Укрэнэрга» паведамілі, што аварыйныя адключэнні электраэнэргіі выкарыстаныя па ўсёй краіне. Прычынай мер абмежавання назвалі наступствы расейскіх атак на энэргааб'екты.
«У першую чаргу - адключаюцца прамысловыя спажыўцы і бізнэс. Абмежаванні для бытавых спажыўцоў прымяняюцца толькі ў рэдкіх выпадках, за выключэннем аварыйных сітуацый у сетках аблэнэрга», - дадалі ў энэргетычнай кампаніі.