Навукоўцы знайшлі пад Смалявічамі метэарыт, які прыляцеў з космасу
- 16.02.2025, 20:06
Палявалі за ім паўтысячы валанцёраў.
У канцы снежня метэарыт праляцеў над Менскам і ўпаў побач са Смалявічамі. Яго доўга шукалі, прыцягваючы валанцёраў. І вось стала вядома, што касмічны госць знойдзены.
Дзе зараз знаходзяцца яго аскепкі, распавёў тэлеканал АНТ.
«Знойдзеныя каменьчыкі і праўда выявіліся метэарытам. Гэта пацвердзілі расейскія навукоўцы. Да іх на Урал ён паляцеў, але абяцаў вярнуцца», - гаворыцца ў паведамленні.
Там адзначылі, што «нябесны аб'ект заўважылі беларусы, разлікі рабілі чэхі, палявалі за ім паўтысячы валанцёраў, а знайшлі навукоўцы з Уральскага ўніверсітэту. Іх першы выхад у палі ўвянчаўся поспехам, што ўвогуле нядзіўна — на рахунку каманды больш за сорак экспэдыцый. Знаходку ўжо даследавалі ў расейскай лабараторыі».
«Мэтэарыты ў Беларусі хоць і рэдка падаюць, але падлягаюць уліку. Пра гэта гаворыцца ў Кодэксе аб нетрах, так што вярнуць сапраўды давядзецца. Яму ўжо і імя прыдумалі - «Смалявічы» па месцы падзення. Асобнік не ўнікальны, але вывучыць карысна», - падкрэслівае канал.