Якімі будуць два апошнія тыдні лютага
- 15.02.2025, 22:55
Прагноз ад сіноптыка.
Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканала ОНТ расчараваў тых беларусаў, хто ў цёплым студзені 2025 ужо падрыхтаваўся да ранняй вясны і сказаў, што зіма нарэшце страпянулася і паказала свой нораў.
"Няма сумненняў, што люты стане самым халодным зімовым месяцам сезона і адпрацуе і снегам, і маразамі", - адзначыў сіноптык і падкрэсліў, што халады дабавяць паўночны вецер і вільготнасць.
Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, апошнія 10 дзён лютага правіць баль надвор'я ў Беларусі будуць атмасферныя франты, якія прынясуць з сабой снег.
У пачатку наступнага тыдня атмасферныя франты з паўночнага захаду Еўропы абумовяць у Беларусі марознае надвор'е, час ад часу будзе ісці невялікі снег. Уначы і раніцай не выключаны невялікія туманы, магчыма галалёдзіца. Высокая вільготнасць паветра да 80%, а таксама паўночны і паўночна-заходні вецер створаць адчуванне большага марозу, чым на тэрмометры. Тэмпература ў панядзелак 17 лютага будзе вагацца ноччу ад -9 да -15 градусаў Цэльсія, у аўторак, 18 лютага, начныя тэмпературы будуць на некалькі градусаў вышэйшыя. Удзень у панядзелак ад -2 да -7 градусаў Цэльсія, у аўторак ад -1 да -6 градусаў Цэльсія.
Да серады надвор'е будзе вызначаць ужо вобласць высокага атмасфернага ціску, на фоне якога пройдуць малаактыўныя атмасферныя франты. У Беларусі прагназуецца воблачна з праясненнямі і кароткачасовым снегам. Усё гэтак жа ветрана і вільготна. Уначы ў сераду ад -3 да -8 градусаў Цэльсія, удзень ад 0 да -5 градусаў Цэльсія.
Прыкладна з чацвярга сіноптыкі чакаюць, што Беларусь апынецца ў антыцыклоне з цэнтрам над паўночным захадам Расеі. Ён не прынясе снягі, але прынясе сярэдні паўночна-ўсходні і паўночны вецер. Вільготнасць будзе па-ранейшаму да 80 адсоткаў. Начныя тэмпературы будуць вагацца ад -6 да -12 градусаў, а дзённыя ў чацвер ад -2 да -7 градусаў Цэльсія, у пятніцу ад -3 да -8 градусаў Цэльсія.
Халодны антыцыклон будзе вызначаць і надвор'е апошніх зімовых выходных. Сіноптыкі прагназуюць 22 і 23 лютага пераменную воблачнасць, у асноўным без ападкаў, сярэдні ўсходні і паўночна-ўсходні вецер. Уначы і раніцай туман. Уначы ад -9 да -15 градусаў Цэльсія, удзень у суботу ад -4 да -9 градусаў Цэльсія, у нядзелю ад -3 да -7 градусаў Цэльсія.