На продаж выставілі рэдкае швэйцарскае аўта
- 15.02.2025, 11:22
Купэ Monteverdi High Speed мае шыкоўны скураны салон і магутны рухавік.
У ЗША на аўкцыёне Bring a Trailer прадаецца вельмі рэдкае купэ Monteverdi High Speed 1973 года. Гэта адна з нямногіх мадэляў аўто, якія выпускалі ў Швэйцарыі. Пра рарытэт расказалі на сайце аўкцыёну.
Monteverdi ледзь не адзіны вядомы швэйцарскі аўтавытворца. Аўтагоншчык і канструктар Петэр Мантэвердзі ў 1967 годзе заснаваў недалёка ад Базэля невялікую кампанію і выпускаў дробнымі серыямі шыкоўныя спартова-турыстычныя аўто. Іх дызайн распрацоўвалі італьянскія кузаўныя атэлье, а пад капот усталёўвалі V8 ад Chrysler.
Monteverdi High Speed выпускалі з 1967 да 1976 года і ўсяго выпусцілі 82 такія аўто. Элегантны абцякальны кузаў распрацавала атэлье Fissore.
Чатырохмясцовы салон Monteverdi High Speed адштукавалі скурай, дрэвам і велюрам.
Камплектацыя ўключае электрашклопад'ёмнікі, узмацняльнік руля, кандыцыянер і аўдыясістэму Pioneer.
Менавіта гэты Monteverdi High Speed 375L абсталяваны вялікім 7,2-літровым V8 на 375 к.с. і 3-ступеністай аўтаматычнай КПП. Аўтамабіль здольны разагнацца да 100 км/г за 6,5 с і развіць 245 км/г.
Прабег Monteverdi High Speed 375L складае 72 тыс. км. Нядаўна спартовае купэ прайшло рэстаўрацыю.