«Кландайк для паляўнічых»: У сацсетцы паказалі нашэсце качак у Ваўкавыскім раёне
- 14.02.2025, 21:47
Відэа набрала дзясяткі тысячаў праглядаў.
У сацыяльнай сетцы TikTok з'явіўся ролік, у якім аўтар паказаў «нашэсце» качак на рацэ Рось, што ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласці. За дзень відэа набрала больш за 80 тысячаў праглядаў і больш за паўтары тысячы лайкаў, піша Telegraf.news.
На відэа аўтар паказаў «процьму» вадаплаўных, якія літаральна апанавалі раку.
У каментарах да відэа карыстальнікі сацсеткі пацікавіліся, качкі «вярнуліся ці не парыліся», верагодна, намякаючы на тэмпературныя рэкорды цяперашняй зімы, якія дазволілі некаторым птушкам і зусім не ляцець у вырай у гэтым сезоне.
Іншы ж каментатар напісаў, што гэта проста «кландайк для паляўнічых». Адзначым, што вясновы сезон палявання на качку ў Беларусі стартуе толькі ў сакавіку, таму пакуль такі «кландайк» застаецца хутчэй забароненым запаведнікам, чым прыдатным месцам для палявання.