ДАІ Меншчыны анансавала тыдзень затораў на адным адцінку МКАД-2
- 14.02.2025, 15:17
Праз масавыя мерапрыемствы.
Ва УУС Менскага аблвыканкама папярэдзілі пра "шчыльную транспартную плынь" на адным з адцінкаў МКАД-2. Чакаецца, што з 15 да 23 лютага праз масавыя мерапрыемствы, якія запланавалі правесці ў спарткомплексе "Раўбічы", будзе зменена арганізацыя дарожнага руху.
У ведамстве паведамілі, што ў сувязі з правядзеннем "Кубка наймацнейшых спартоўцаў-2025 у біятлоне ў Раўбічах" з 15 да 23 лютага на некаторых адцінках МКАД-2 чакаюцца заторы, паколькі падзея "традыцыйна прыцягвае ўвагу значнай колькасці аматараў спорту і здаровага ладу жыцця".
У сувязі з гэтым інспектары ДАІ надумалі змяніць арганізацыю дарожнага руху, дадаўшы дадатковыя часовыя знакі на аўтадарозе Р-80 "Слабада-Паперня" (10-13-ты кіламетр) і аўтадарозе Р-40 "Бараўляны-Лагойск" (7-10-ы кіламетр). Плануецца, што новаўвядзенні будуць дзейнічаць 15, 16, 18, 20, 22 і 23 лютага.
Разам з тым ДАІ Менскай вобласці параіла кіроўцам планаваць час і маршрут паездак з улікам дадзенай інфармацыі, а таксама "строга выконваць патрабаванні часовых дарожных знакаў і сігналаў рэгуліроўшчыкаў дарожна-патрульнай службы".