«Гэта была незвычайная падзея»
- 14.02.2025, 14:30
Экс-трэнер менскага "Дынама" ўспомніў, на што футбалісты выдаткоўвалі валюту за мяжой 40 гадоў таму.
Увосень 1983 года менскае "Дынама" ўпершыню ў клубнай гісторыі пачало выступленне ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў. Галоўны трэнер той каманды Веніямін Арзамасцаў расказаў betnews.by, на што былі выдаткаваныя прэміяльныя ў Швайцарыі, дзе "Дынама" здабыла выхад у другі раўнд турніру.
“Пасля гульні кіраўнік дэлегацыі Уладзімір Рыжанкоў (на той момант узначальваў сектар фізкультуры і спорту аддзела адміністрацыйных органаў ЦК КПБ. - Заўв. рэд.) раздаў хлопцам атрыманыя ў Маскве прэміяльныя - у швайцарскіх франках. Гэта была незвычайная і, зразумела, радасная падзея. Наступнай раніцай усё пабеглі па крамах. Тады была мода на штучныя футры, хлопцы іх набралі і пачалі прымяраць адзін на адным. “Мая жонка прыкладна такая, давай, прыкінь на сябе!” А я купіў каву — распушчальную ў бляшанцы, яе тады ў краіне не было. Мая жонка яе вельмі любіла”, - успамінаў Арзамасцаў.
Аляксандр Пракапенка радуецца забітаму голу ў браму "Дынама" (Кіеў) у чэмпіянаце СССР, Менск, 1982 год. Фота з кнігі “Аляксандр Пракапенка. Народны футбаліст”
Дзякуючы перамозе ў чэмпіянаце СССР у 1982 годзе каманда з Менска атрымала магчымасць дэбютаваць у галоўным еўракубкавым турніры - Кубку чэмпіёнаў (сёння Ліга чэмпіёнаў). У першым раўндзе “Дынама” прайшло швайцарскі “Грасхопер” (1:0 дома, 2:2 у гасцях), у другім коле было мацнейшым за вугорскі клуб “Раба ЭТА” (6:3 у гасцях, 3:1 дома), а ў чвэрцьфінале ў суме дзвюх сустрэч саступіла бухарэсцкаму “Дынама” (1:1 дома і 0:1 у гасцях).Футбаліст мінчан Віктар Сокал з шасцю галамі стаў найлепшым бамбардзірам турніру.