У Расеі мужчына пачаставаў свайго сябра піражком з ртуццю з тэрмометра
- 14.02.2025, 9:49
Мужчынам падабалася адна і тая ж каляжанка.
Крымінальную справу за замах на забойства распачалі ў дачыненні да жыхара Масквы (Расея), які спрабаваў атруціць свайго сябра піражком з ртуццю, паведаміў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал 112.
Як піша Baza са спасылкай на звесткі следства, мужчыны разам працавалі і ім падабалася адна і тая ж каляжанка. Абодва таварышы заляцаліся да яе, нягледзячы на тое, што былі жанатыя. У пачатку года Зміцер надумаў пазбавіцца ад канкурэнта: ён купіў чатыры тэрмометры, з дапамогай шпрыца сабраў адтуль ртуць і 11 лютага падліў яе ў піражок таварышу, 45-гадоваму Сяргею.
Пасля здарэння падазраваны таксама ўдаваў атручанага, хоць яду ў ягоным піражку не было.
Цяпер Зміцер затрыманы. Падчас допытаў ён спрабаваў падаць усё як няшчасны выпадак, але ў выніку прызнаўся. На яго распачатая справа паводле артыкула "замах на забойства".