Мужчына набыў кватэру ў Менску і знайшоў у ёй два трупы
- 28.01.2025, 21:37
Што было далей.
У Дзяржаўным камітэце судовых экспертызаў расказалі пра незвычайны выпадак, які адбыўся ў снежні летась у Менску.
Мужчына звярнуўся ў міліцыю, паведаміўшы, што не можа патрапіць у нядаўна набытую кватэру.
Экс-уладальнікі не адказвалі на званкі, а дзверы былі зачыненыя знутры.
Пасля ўскрыцця замкоў і ўваходу ў кватэру новы ўласнік выявіў два целы – мужчынаў 1986 і 1973 гадоў нараджэння – у стадыі раскладання.
На месца здарэння адразу ж прыбыла следча-аператыўная група, а судмедэксперты знайшлі сляды ін'екцый.
Прычына смерці вызначаная
Пазней праваахоўнікі высветлілі, што былы ўладальнік жылля і ягоны сябар набылі белы крышталічны парашок, так яны пастанавілі адсвяткаваць угоду.
Эксперты вызначылі, што мужчыны памерлі ад вострай інтаксікацыі метадонам у смяротнай канцэнтрацыі.
Ва ўнутраных органах загінулых таксама знойдзеныя фенабарбітал, трамадол, запіклон, прэгабалін, кветыяпін – многія з рэчываў уключаныя ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў.