Расейскі атамны ледакол «50 гадоў Перамогі» сутыкнуўся з сухагрузам у Карскім моры
- 28.01.2025, 19:02
Ледакол атрымаў пашкоджанні.
Расейскі атамны ледакол «50 гадоў Перамогі» пры сколванні лёду ў Карскім моры атрымаў пашкоджанне ашалёўкі, паведамілі РБК у ФГУП «Атамфлот».
Паводле звестак прэс-службы прадпрыемства, інцыдэнт адбыўся 26 студзеня.
Раней аб інцыдэнце паведамілі агенцтва «ПортНьюс» і выданне «Арктычны аглядальнік». Паводле іх звестак, размова ідзе аб сутыкненні ледакола з сухагрузам - як мяркуецца, з Yamal Krechet, які ледакол праводзіў праз льды.
З моманту прыняцця ў склад флоту ў 2007-м «50 гадоў Перамогі» быў самым вялікім ледаколам у свеце: даўжынёй блізу 150 м, водазмяшчэннем 23 тысячы тон і магутнасцю ўстаноўкі 75 МВт.
У 2020 годзе атамаход новага пакалення «Арктыка» афіцыйна ўвайшоў у склад расейскага атамнага флоту, зрушыўшы «50 гадоў Перамогі» з першага месца па магутнасці.