У Беларусі збанкрутаваў буйны фармдыстрыбутар
- 28.01.2025, 18:10
Агульная запазычанасць кампаніі перавышае 21,3 млн рублёў у эквіваленце.
Працягваецца гісторыя банкруцтва некалі найбуйнейшага гульца фармацэўтычнага рынку Беларусі. Пасля пачатку ліквідацыі ў канцы 2022 года збанкрутавала кампанія «Фармін». Інфармацыя аб гэтым з'явілася на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве.
З сярэдзіны 1990-х некалі буйнога аптова-раздробнага гульца фармацэўтычнага рынку Беларусі развіваў беларускі бізнэсовец Інакенцій Ясноўскі. Кампанія «Фармін» была створаная ў пачатку сакавіка 2000 года. Яе асноўны тып дзейнасці - аптовы гандаль фармацэўтычнымі, ветэрынарнымі, медыцынскімі і артапедычнымі таварамі.
Кампанія была вядомая на беларускім рынку сваім раздробным бізнэсам - сеткай «Любімая аптэка». У 2022 годзе пад гэтым брэндам працавала больш за 100 аптэк.
Праблемы ў кампаніі пачаліся ўвосень 2022 года, калі яна не змагла выплаціць пазыкі пастаўшчыкам і крэдыторам. Тады яны звярнуліся ў суд. Напрыклад, пазоў да кампаніі падаў найбуйнейшы расейскі вытворца зубной пасты і іншых касметычных прадуктаў – Splat Global.
У лістападзе 2022 года беларускі бізнэсовец наважыў ліквідаваць фармацэўтычны бізнэс - 23 лістапада таго ж года кампанія «Фармін» была ліквідаваная.
А ўжо восенню 2023 года «дачка» «Фарміна» — кампанія «Партнёр Медытэк», якая адказвала за развіццё раздробнай сеткі, перадала адну частку «Любімых аптэк» сеткі «АльфаАптэка», іншую — холдынгу «Аптэка груп». Пасля чаго ў студзені 2024 года збанкрутавала. Паведамлялася, што агульная сума запазычанасці кампаніі перавысіла 11,7 мнн рублёў.
Цяпер жа працэдуру банкруцтва на ўласную заяву распачала і сама кампанія «Фармін» — 21 студзеня 2025 года Эканамічны суд горада Менска адкрыў справу аб яе банкруцтве і распачаў конкурсную справу.
Згодна з матэрыяламі справы, яна завінавацілася крэдыторам амаль 11,7 млн беларускіх рублёў, 818,2 тысячы еўраў, больш за $1,8 млн і 13 млн расейскіх рублёў. Пры гэтым агульны кошт актываў кампаніі ацэньваецца на 2,123 млн беларускіх рублёў. З іх больш за 1,8 млн - дэбіторская запазычанасць.