«Мёртвая расейская пяхота заслала дарогу і палі»
- 29.11.2024, 9:24
Forbes распавяла пра разгром падраздзяленняў РФ на Данбасе.
Расея беспаспяхова спрабуе захапіць як мага большую частку ўкраінскай тэрыторыі, пакуль не адбылася інаўгурацыя новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а расейская эканоміка не панесла яшчэ большыя страты.
Гэта тлумачыць не зусім беспаспяховыя намаганні расейцаў выцесніць сілы абароны з Курскай вобласці, якія абыходзяцца войску РФ даволі дорага. Акрамя таго, вораг прасоўваецца на ўсходзе Украіны, ужываючы тактыку шалёных штурмаў, якія сканчаюцца крывавай катастрофай для дрэнна навучаных, дрэнна кіраваных, дрэнна забяспечаных расейскіх фармаванняў. Але агулам знясіленыя вайной расейскія вайскоўцы не гатовыя да таго, што цяпер ад іх патрабуе Крэмль, мяркуе аглядальнік выдання Forbes Дэвід Акс.
Расейцы ідуць напралом і нясуць велізарныя страты. Штодзённыя падлікі загінулых і параненых расейцаў цяпер рэгулярна перавышаюць 1 500. Агульная колькасць расейскіх страт пасля 33 месяцаў шырокамаштабнай вайны ва Украіне складае ад 600 000 да 730 000 чалавек.
Да прыкладу, 21 лістапада доўгая калона расейскіх аўтамабіляў, якія, імаверна, належалі 3-й мотастралковай дывізіі, падкацілася да пазіцый украінскай 3-й штурмавой брыгады на захад ад Новавадзянога на мяжы Данецкай і Харкаўскай абласцей. Расейцы высадзілі там дзясяткі пяхотнікаў, якія затым пайшлі далей пешшу. Але беспілотнікі і артылерыя 3-й штурмавой брыгады пераследвалі машыны, знішчыўшы або пашкодзіўшы некалькі з іх, пераключыўшыся ў далейшым на расейскую пяхоту.
«Калі пыл і дым развеяліся, расейскі штурмавы атрад быў рассеяны і разбіты. Мёртвая пяхота заслала дарогу і палі. Самым удачлівым расейцам пашчасціла адысці толькі на тысячу футаў ад іх меркаванай пачатковай мясціны ў Новавадзяным. На аніводным этапе яны не ўяўлялі істотнай пагрозы для пазіцый 3-й штурмавой брыгады», - акцэнтуе аўтар.
Відавочна, штурмавая група РФ не атрымала значнай артылерыйскай або паветранай падтрымкі. Расейцы тады нават не паклапаціліся пра тое, каб выпускаць дым падчас прасоўвання, каб абараніцца ад дронаў.
Аналітык Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў у Лондане Нік Рейнальдс, назваў асноўныя праблемы расейскіх узброеных сіл у артыкуле для The National Interest:
"Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну стала балючай паразай для расейскіх наземных войскаў. Нягледзячы на тое, што ўдалося пазбегнуць поўнай паразы ў 2022 і 2023 гадах, якасць іх падраздзяленняў пагоршылася праз знясіленне”.
Найбольш падрыхтаваныя і дасведчаныя расійскія пяхотнікі сканцэнтраваны ў некалькіх элітных падраздзяленнях. У той жа час недастаткова падрыхтаваныя навабранцы пад "амбівалентным кіраўніцтвам" запаўняюць асноўную частку франтавых злучэнняў. Нешматлікія добрыя падраздзяленні расейскага войска эфектыўныя, але выкарыстоўваюць іх неэфектыўным спосабам – падчас масавых нападаў іх проста забіваюць.
Тое ж самае тычыцца і бранятанкавых войскаў. Танкі, якія не могуць канкураваць з дронамі, могуць працаваць як імправізаваныя гаўбіцы, ведучы агонь з даволі бяспечных пазіцый за шмат кіламетраў ад ворага. Аднак калі іх набліжаюць бліжэй да фронту, яны - ў небяспецы.
"Праз расейскую ваенную культуры і поўную пагарду да свайго асабовага складу, аперацыі ў найлепшым выпадку з'яўляюцца грувасткімі, а часцей проста невыканальнымі з такімі сіламі”, - канстатаваў Рэйнольдс.